10 верасня ў цэнтры Нью-Ёрку адбыўся мітынг пратэсту супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў, якія распачнуцца ў хуткім часе на тэрыторыі Беларусі.

Мітынг быў прымеркаваны да Дня вайсковай славы.
У вучэньнях “Захад-2017” возьме ўдзел непамерна вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі. Гэтыя вучэньні нясуць пагрозу незалежнасьці краіны, таму беларусы на бацькаўшчыне і па ўсім сьвеце пратэстуюць супраць магчымага захопу нашай краіны, магчымай гібрыднай акупацыі Расеяй.

Мітынг быў арганізаваны Бруклінскім аддзелам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. У мітынгу ўзялі ўдзел беларускія патрыёты, якім неабыякавы лёс нашай радзімы, сябры БАЗА зь Нью-Ёрку ды Філядэльфіі, актывісты ўкраінскай дыяспары. Сярод выступоўцаў быў лідар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, старшыня Галоўнай Управы БАЗА Ганна Сурмач, Іванка Заяц ды Андрэй Дабранскі – прадстаўнікі Украінскага Кангрэсавага Камітэту ў Амэрыцы.

Падчас мітынгу была прынятая адмысловая рэзалюцыя:

Вывесьці расейскія войскі
і спыніць расейскія вайсковыя
вучэньні ў Беларусі

(рэзалюцыя мітынгу)

Мы, беларусы, удзельнікі мітынгу ў горадзе Нью-Ёрку, арганізаванага Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем з нагоды Дня Беларускай вайсковай славы і з прычыны грубага парушэньня сувэрэнітэту Беларусі ў выніку заплянаваных вучэньняў расейскага войска “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі, заяўляем наступнае:
1. Патрабуем адмяніць расейскія вайсковыя вучэньні “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі.
2. Патрабуем вывезьці з тэрыторыі Беларусі ўсе расейскія войскі і бронетэхніку назад у Расею.
3. Незаконнае ўвядзеньне расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ёсьць грубым парушэньнем суверэнітэту Беларусі, Канстытуцыі Беларусі і міжнароднага права і ацэньваецца як акт агрэсіі.


У сувязі з гэтым, паколькі чужыя войскі зайшлі на тэрыторыю Беларусі, мы заклікаем усіх грамадзянаў беларускай Айчыны рыхтавацца да барацьбы з агрэсарам усімі сродкамі, спосабамі і сіламі. Заклікаем ўсіх беларусаў замежжа спрыяць суверэнітэту і свабодзе Беларусі, падтрымліваць змаганьне беларускіх патрыётаў за волю і незалежнасьць краіны. І калі ўзброеныя прышэльцы не пакінуць у верасьні нашу тэрыторыю, прыступіць да барацьбы з акупантамі дзеля абароны краіны, яе суверэнітэту і Незалежнасьці.