25 march 2013 - 3
Людзьмі звацца…
Пішу гэты артыкул, успамінаючы святкаванне Дня Волі ў зале Нью-Йоркскага аддзелу БАЗЫ 24 сакавіка 2013 года. Думаю, усе згадзяцца са мною, што у памяці ўсіх удзельнікаў той дзень назаўседы застанецца самым светлым і святочным, сапраўды беларускім, сапраўды свабодным! Асабіста для мяне ён запомніцца сакавітай мілагучнай мовай Галіны Пазняк, падобнай да гучання казак дзяцінства на беларускім радыё. Адданасцю сваёй справе, верай у светлае будучае, што гучалі са слоў Таццяны Красоўскай, Гання Сурмач. Мы, маладое пакаленне беларусаў у іміграцыі, павінны вучыцца ў іх, я к трэба паважаць і шанаваць сваіх продкаў, народныя традыцыі і культуру, зберагаць найвялікшы дар – беларускую мову! Запомніцца мне і музыка, што кранае струны тваёй душы, гасцей з Канады.
Я думаю, што яшчэ доўга гэты дзень будзе ўзбуджаць душы беларусай-імігрантаў і натхняць іх на прачытанне беларускіх кніг, на напісанне вершаў на беларускай мове.  А для мяне асабіста на стварэнне лялек у народных строях і вышыванак  крыжыкам з беларускім арнаментам. Добра вядома, што па-сапраўднаму адчуваеш Радзіму толькі удалечыні. Як хочацца часам тут за мяжой пачуць гучанне роднай мовы у песнях і казках. З кожным з нас здараецца хвіліна смутку, калі да памяці прыходзяць усе самыя цікавыя і запамінальныя, уражлівыя і пяшчотныя, вялікія і зробныя малюнкі радзімага краю.
Хачу сказаць Вялікі Дзякуй усім арганізатарам Дня Волі 24 сакавіка ў зале Нью-Йоркскага аддзелу БАЗА, хто нейкім чынам узяў удзел у стварэнні і правядзенні гэтага цудоўнага дня –        ад маладых беларусаў з Філадэлфіі Наталлі Ганчарук, Наталлі Лукашэня, Святланы Шырвель і Алены Літоўкі. Мы і многія беларусы з розных куткоў Амерыкі мелі магчымасць на некалькі гадзін апынуцца ў непаўторнай атмасферы гучання беларускай мовы, музыкі і новых прыемных сустрэч.
Пасля такіх мерапрыемстваў заўседы пытаеш сам сябе :”Што змянілася ў жыцці беларусаў?”. А асбіста маё пытанне:”Ці ўмеем мы напраўду быць свабоднымі перад самімі сабой?”. Я абмінаю тут пытанне ўплыву ўлады, што пануе на Беларусі, і яе уплыву на нашы свабоды…
Седзячы ў зале на Дзень Волі, мой сябра з Філадэлфіі Сяргей Фралоў падзяліўся са мной сваім любімым вершам М.Багдановіча “Народ, Беларускі народ!”. Хачу прывесці некалькі радкоў:
Народ,Беларускі народ!
Ты –  цемны, сляпы, быццам крот,
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма,
І душу тваю абакралі
Ў ёй нават мовы няма…
Мы з Сяргеем паглядзелі на дату напісання  – 1913 год…Прайшло роўна адно стагоддзе, а мы беларусы так і засталіся ў многім сляпыя. Пачынаць трэба з асновы,з вытокаў, з каранёў. Ф.Багушэвіч пісаў:”Не пакідайце ж  мовы шанай беларускай, каб не ўмерлі!”.
Свабода і сіла наша як нацыі ў роднай мове, пакінутай нам у спадчыну.На сенняшні дзень адбываецца абыякавасць і занядбанне роднай мовы, гублянне сваіх каранёў.
Нашы продкі аддавалі за мову свае жыццё, выпрабоўвалі часамі за яе свой лес. Варта назваць імены Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, В.Ластоўскага, братоў Луцкевічаў,Я.Купалы і Я.Коласа.Сення мы маем права размаўляць на роднай мове. Але сумленна саромееемся і адракаемся ад яе.
Наша Радзіма ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў грукалі па ёй калясніцы войнаў.Мы атрымалі ў спадчыну нашу мову праз безупынную барацьбу за яе існаванне. Колькі намаганняў было зроблена, колькі лесаў зламана, колькі пагрозаў, запрэтаў, зняволенняў, ганенняў было перажыта. І нашы самыя добразычлівыя, працавітыя, сумленныя і важна мужныя беларусы выстаялі! Дзякуючы іх самаадданасці і разуменню сваіх каранёў мы маем права на бел-чырвона-белы сцяг, права ганарыцца самабытнасцю сваёй мовы, культуры, традыцый, права звацца беоарусамі альбо як пісаў яшчэ у 1907 годзе “наш правадыр,змагар за свабоду” Я.Купала “лзюдзьмі звацца”.
У патоку надзеннай працы, праблемаў і клопатаў, мы часта забываемся і нават губляем паняцце нашых вытокаў, нашых беларускіх каранёў і проста мітусімся ў віры бессэнсоўнага, на мой погляд, жыцця. Бо які дуб-волат без моцных добра ўцэпленых за зямлю каранёў. Няма сэнсу існавання, калі забыты вытокі, калі страчаны мова, традыцыі, культура…Сорамна будзе глядзець у вочы будучаму пакаленню. На сеняшні дзень на нашых землях пануе чужынец. Таму мы яшчэ болей павінны паклапаціцца пра захаванне сваёй беларускасці і нават змагацца за яе існаванне як і адно стагоддзе таму…Прыкра аб гэтым казаць, але гэта наша рэальнасць.
Я хачу звярнуцца да маіх равеснікаў-беларусаў, што жывуць на тэрыторыі Беларусі альбо за яе межамі.Дзеля тых, хто рупліва змагаўся за наша слова, хто выстаяў, дзеля павагі да іх і да самых сябе, наш святы абавязак навучыць нашых дзетак быць беларусамі. А для гэтага нам самім неабходна свабодна валодаць беларускай мовай і захоўваць скарбы нашай самабытнай культуры. Мы- беларусы! З гонарам прамаўляць гэтыя словы і ёсць быць свабоднымі альбо “людзьмі звацца”!
Наталля Ганчарук
25 march 2013 - 2
25 march 2013 - 2