Valentine 2013 - 5

Існуе многа легендаў аб жыцці і дзейнасці святога Валянціна. З гэтых усіх супярэчных адна адной легендаў можна выкраіць некаторыя факты. Быў Валянцін хрысціянскім свяшчэннікам. І для закаханых рабіў добрую справу: вянчай салдатаў рымскіх легіенаў з іх каханкамі, ня гледзячы на тое, што ім вянчацца было забаронена. За гэта яго і пакаралі смерцю.

Пазней каталіцкая царква кананізавала Валянціна, як мучаніка, які пацярпеў за веру. Пасля Рымскі Папа Геласіус аб’явіў 14 лютага Днем святого Валянціна. А так, як ён пацярпеў за шчасце каханых, то Дзень святога Валянціна аўтаматычна стаў Днем усіх закаханых.

Царква даўно ўжо выкрасліла Валянціна з ліку святых, але святкаваць гэты дзень ніхто не перастаў. У многіх краінах свету святкаванне Дня святога Валянціна – гэта добрая традыцыя. Акрамя толькі Саўдаўскай Аравіі, у якой гэта свята афіцыяльна забаронена, а паспрабуеш святкаваць, дык і штрафам нагродзяць.

А, напэўна, гэта не так істотна, як усе пачалося, якая была первапрычына святкавання, як называецца само свята, у гонар каго. Для сапраўды закаханых не трэба ніякай прычыны і ніякай нагоды, каб святкаваць іх каханне. Для іх кожны дзень – Дзень усіх закаханых!

Многія рыхтуюцца загаддя да гэтага свята. Праводзяць гадзіны, дні і, нават, тыдні ў роздумах аб тым, што падараваць і якім спосабам выказаць свае пачуцці. Бо трэба і хочацца прызнацца ў каханні так, як ты не рабіў раней. А яшчэ лепш так, як ніхто яшчэ не прызнаваўся!

Што людзі не прыдумаюць толькі! Такія звыклыя падарункі, як кветкі, цукеркі, вячэра ў дарагім рэстаране ці залатыя ўпрыгожванні – гэта прыемна і міла. Але не так ужо і ўзрушаёнца, не так ужо і захапляльна. Таму некаторыя з нас імкнуцца зрабіць у гэты дзень нешта адметнае.

Шмат пар бяруць шлюб менавіта ў Дзень святога Валянціна. З надзеяй на тое, што гэта прынясе ім шчасце і яны будуць разам да самай смерці. Так у некаторых краінах набіраецца столькі пар, якія жадаюць уступіць у брак, што прыходзіцца ладзіць масавае вяселле. Як гэта здарылася некалькі гадоў назад на Філіпінах, дзе адначасова пачалі сваё сямейнае жыццё 140 закаханых пар. Іныя бяруць шлюб высока ў гарах. І не цяжка паверыць, што ў такіх абставінах у маладых будзе значна больш уражанняў і адрэналіну ў крыві, чым у звыклым ЗАГСе. Каханне, яно, напэўна, застанецца тым самым, але ж хоць на некаторы час падымецца высока над узровень мора. Не меньш захапляльных пачуццяў, у сэрцах закаханых, заставіў шлюб, узяты на  86-ым паверсе знакамітага небаскроба Эмпайер Стайт Білдзінг. Такі, зусім не танны, падарунак зрабіў сваёй нявесце Стэфані Халл Джон Ву, капітан ваеннай авіацыі. Але гэта, калі ў цябе дастаткова грошай.

Для тых, хто ўжо ажаніўся, таксама есць мільён варыянтаў падарункаў. Напрыклад, можна намаляваць сэрца, прабітае стралой, для сваёй каханай жонкі. А чым намаляваць і дзе – гэта ўжо поле для творчасці мастака-каханага. Адзін такі мастак намаляваў яго на полі! І нічым іным, а навозам. Так зрабіў фермер з Мінессоты Брус Андэрсленд для сваёй жонкі ў Дзень святого Валянціна. Але гэта, калі ў цябе есць поле.

А калі ні поля, ні грошай няма, і не такі ты адважны, каб ў горы лезці? Што тады рабіць? Я бы прапанавала пісаць вершы. Чытаць іх – адно задавальненне. “Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі с сабой прынясла… Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла ”. І не абавязкова Багдановічам быць, альбо пісаць, як ён. Рамантычны верш, напісаны ад душы – стане добрым падарункам.

Таксама гэты дзень людзі выкарыстоўваюць, каб праводзіць розныя акцыі. І такім чынам выказаць сваю любоў не адной асобе, а, напрыклад, жывелам. У Нікарагуа два гады таму адгулялі вяселле для сабак! Сабакі таксама кахаюць моцна і самааддана. У іх ёсць пачуцці, як у людзей. Яны адчуваюць боль, находзіць на іх смутак падчас, радасна ім таксама бывае. Так і ўсе іншыя жывелы. І вяселле гэта было акцыяй, каб звярнуць увагу грамадскасці на праблему абароны жывел у краіне. І падобныя акцыі ўжо ня рэдкасць. Такія святкавальныя дні даюць магчымасць акцыі стаць больш шырокай, узрастае верагоднасць, што большая колькасць людзей убачыць і зразумее, што арганізатары хочуць данесці народу.

Добра пасуе Дзень усіх закаханых і для таго, каб выказаць народную любоў. Народную любоў да сваёй Радзімы. Сабрацца на плошчы для нас беларусаў – гэта не нова. Таму і пайшлі белярускія дзяўчаты: Наталля Лукашэня, Алена Літоўка і Наталля Ганчарук, ад імя беларусаў Філадэлфіі выказаць свае пачуцці.

Есць у свеце і злосныя праціўнікі свята, якія не разумеюць яго, не разумеюць, што менавіта ўсе святкуюць, што хочуць паказаць. І цяжка будзе ім растлумачыць, калі яны яшчэ не зразумелі, што святкуюць людзі каханне. Кожны сваё. І адзінае, што хочуць паказаць і расказаць – гэта любоў, бязмежную сваю любоў. І няма прыгажэй душы чалавека, сэрца якога напоўнена каханнем!

                         Святлана Шырвель

Valentine 2013 - 8

Valentine 2013 - 5

Valentine 2013 - 9