Дзень Волі ў Менску: Мы – еўрапейцы

25 сакавіка споўнілася 97 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйныя ўлады нашай краіны не прызнаюць гэтую дату, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Акцыі, прысвечаныя гэтаму святу, прайшлі сёння ў Беларусі і за мяжой. Збор удзельнікаў дэманстрацыі ў Менску быў дазволены ля кінатэатра “Кастрычнік” з 15:00 да 16:00, шэсце да плошчы Бангалор – з 16:00 да 17:00, мітынг у парку Дружбы Народаў – з 17.00 да 18.00.

gi-11788-54498-big

Асноўны дэвіз святкавання Дня Волі ў гэтым годзе – “За мір і незалежнасць”. Яго тэмы – незалежнасць Беларусі, салідарнасць з Украінай, а таксама пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі беларускіх уладаў.

У акцыі, якая праходзіла пад нацыянальнымі і еўрапейскімі сцягамі, узялі ўдзел блізу 2 тысяч чалавек. Ад мітынгу арганізатары мерапрыемства адмовіліся, заклікаўшы тых, хто сабраўся, пасля заканчэння шэсця адзначыць свята ў барах і рэстаранах.

19:00 Пасля акцыі быў затрыманы яшчэ адзін малады чалавек на плошчы Бангалор. Факт затрымання зафіксавалі праваабаронцы.

18:00 Стала вядома аб затрыманні двух чалавек. Каля станцыі метро Плошча Якуба Коласа супрацоўнікі міліцыі затрымалі былога палітвязня Эдуарда Лобава. Адразу пасля праверкі дакументаў яго вызвалілі.

Каля плошчы Бангалор быў затрыманы Сідарук Цімур, які адмовіўся пасля акцыі прыбраць бел-чырвона-белы сцяг.

17:05 Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў перад прысутнымі ў Парку дружбы народаў і сказаў, што шэсце скончанае, мітынгу не будзе. Палітык прапанаваў святкаваць Дзень Волі ў барах Менска. Доктар гістарычных навук Арсень Ліс распавёў “Нашай Нiве”, што ён здзіўлены, колькі моладзі выйшла на шэсце, і ад гэтага ў яго “слёзы на вачах”.

gi-11788-54502-big

16:52 Калона падыходзіць да плошчы Бангалор. Людзі скандуюць “Пуцін – фашыст”. У калоне – блізу 2 тысяч чалавек.

16:41 Арганізатар акцыі Аляксей Янукевіч паведаміў, што мітынгу на плошчы Бангалор не будзе. Са слоў старшыні Партыі БНФ, па-першае, мітынгі не выклікаюць вялікай цікавасці ва ўдзельнікаў, а па-другое, у арганізатараў няма гукаўзмацняльнай апаратуры. Янукевіч сказаў, што калі калона прыйдзе да плошчы Бангалор, арганізатары падзякуюць удзельнікам і папросяць іх разыходзіцца.

16:39 На будынку на скрыжаванні вуліц Сурганава і Куйбышава невядомыя патрыёты вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

gi-11788-54566-big

@nn.by